БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ДАВЕ́РУ,

дарадчы орган з прадстаўнікоў бел. грамадскасці пры ген. камісары Беларусі на акупіраванай тэрыторыі ў Вял. Айч. вайну. Створана 27.6.1943 у Мінску па ініцыятыве ген. камісара Беларусі В.​Кубэ з асоб, якія супрацоўнічалі з ням. фашыстамі. У склад яе ўвайшлі В.​Іваноўскі (старшыня), Ю.​Сабалеўскі (нам. старшыні), К.​Гуло, С.​Цытовіч, У.​Козел, В.​Трахімовіч, Ц.​Горгенгаймер, І.​Душэўскі, Булат, І.​Галяк, Н.​Абрамава, М.​Ганько, К.​Рабушка, А.​Калубовіч. Мела на мэце збор і апрацоўку прапаноў і пажаданняў акупац. уладам, удзел з дарадчым голасам у пасяджэннях ген. камісарыята Беларусі. У снеж. 1943 ператворана ў Беларускую цэнтральную раду.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)